Новости СМИ2

Як служаць нашы вайскоўцы ў роце ганаровай варты

3636Вадзіму — 20 гадоў. Па заканчэнні школы ён не здолеў замацавацца ва ўніверсітэце, і пасля першай сесіі яго адлічылі. Затое забралі ў армію. Хлопец трапіў у роту ганаровай варты. Паўтара года сустракаў і праводзіў кіраўнікоў замежных краін.

— Якія ўражанні пасля службы?

— Страчаны час, хоць і цікава служылася. Было цікава сустрэць так шмат —прэзідэнтаў.

— Колькі?

— Усіх кіраўнікоў СНД, кітайскага лідара, прэм’ер-міністраў… Усіх не палічу. Шмат. Расія, Украіна, Германія, Францыя…

— Што ты рабіў на гэтых сустрэчах?

— У аэрапорце стаяў з карабінам каля трапа. У рэзідэнцыі — з карабінам альбо без, прыкладаючы руку да галаўнога ўбору.

— То бок лічаныя секунды, калі яны каля цябе праходзілі. І на гэтым ваша місія заканчвалася?

— Калі людзей хапала, то з аэрапорта мы вярталіся ў сваю частку. Калі не хапала, то сядалі ў аўтобус і ехалі сустракаць гэтую ж дэлегацыю ў рэзідэнцыю да Лукашэнкі.

— І ўсё? А нейкія выступленні РГВ паказвае?

— Не. Ёсць такое паняцце «каробка» — калі зводная рота збіраецца (чатыры падраздзяленні па 20 чалавек) і з карабінамі на плячы праходзіць «каробкай» перад прэзідэнтам. Такое праводзіцца ў аэрапорце, на вуліцы ў рэзідэнцыі.

Адмовіцца немагчыма

— Як ты трапіў у РГВ?

— Мяне прызвалі ў Памежныя войскі ў 2013. Праз месяц прыехалі ў вучэбку прадстаўнікі РГВ. Адбіралі салдат па росце. Паколькі я пачаў вучыцца на тэлеграфіста, мяне вырашылі пакінуць у частцы: дазволілі не ісці на «прагляд». І я яго прапусціў. Але пасля выпадкова зайшоў у пакой адпачынку, дзе з адабранымі дванаццаццю салдатамі акурат размаўлялі афіцэры з РГВ. Убачылі мой рост і забралі. Я туды выпадкова трапіў. Сам бы не пайшоў.

— Адмовіцца можна было?

— Не.

На абед двайную порцыю

— Якія «плюсы» былі ў роце ганаровай варты?

— На абед давалі двайную порцыю ежы. І яшчэ — паступаць ва ўсе ВНУ, акрамя музычнай і медыцынскай, можна па-за конкурсам: трэба толькі набраць мінімальныя балы на цэнтральным тэсціраванні. Камандаванне часткі выпісвае рэкамендацыю ў канкрэтны ўніверсітэт — трэба да дэмбелю ўжо вызначыцца з паступленнем. У нас такую рэкамендацыю ўзялі 12 чалавек з 18 дэмбеляў.

— Як праходзіла падрыхтоўка?

— Практычна штодня па дзве трэніроўкі. Першую і другую гадзіны заняткаў адбівалі крок, а трэцюю гадзіну шыхтаваліся ў «каробкі» і хадзілі. З карабінам былі практыкаванні на тое, каб не выпусціць яго з рук. Трымалі яго ў прыпаднятай руцэ, у руцэ, адцягнутай назад. Цяжка было.

— У парадах браў удзел?

— Не, толькі ва ўскладанні вянкоў. На парад на 9 Мая сёлета набіралі толькі 38 чалавек: 36 непасрэдна ўдзельнічалі, а 2 — запасныя, якія могуць у любы момант стаць на замену і выканаць любы элемент. І рыхтавалі толькі салдат першага і другога перыядаў службы. А я ўжо рыхтаваўся да дэмбелю.

— Страляць хаця б навучылі ці ўсё маршыравалі?

— Так, вывозілі раз на два-тры месяцы на стрэльбішча. Але давалі не па 3, як звычайна, а па 12 патронаў. Страляў толькі з аўтамата АК-74.

— Перад сустрэчамі прэзідэнтаў з вамі праводзілі нейкія размовы? У вас жа ў руках знаходзіцца зброя.

— Не праводзілі.

— Служба аховы прэзідэнта вас правярае перад падобнымі мерапрыемствамі?

— Перад выездам з карабіна мы дастаём баёк, без якога немагчыма страляць. У рэзідэнцыі нас правяраюць дэтэктарамі, аглядаюць зброю.

— А штых на карабіне стаіць?

— Так, і гэта таксама зброя.

Размаўляць забаронена

— Столькі прэзідэнтаў сустракаў. Хто ўразіў найбольш?

— Летась я браў удзел у адкрыцці новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны. Там былі Лукашэнка і Пуцін. Глядзець на расійскага прэзідэнта ўжывую і па тэлевізары — два розныя чалавекі: Пуцін старэйшы, чым на экране, невысокі. А Лукашэнка — вельмі вялікі.

Больш ніхто не ўразіў. Нам жа нічога не дазволена: павінны стаяць і не варушыцца. Загаварыць з намі спрабавалі толькі прадстаўнікі замежных дэлегацый — не прэзідэнты, але нам забаронена размаўляць. Дэлегацыі ўсё круціліся між нас і фатаграфаваліся.

— Праз колькі пасля пачатку службы давялося сустракаць першага прэзідэнта?

— Першы раз я сустракаў прэм’ер-міністра Камбоджы — праз чатыры месяцы пасля прызыву. Надта было страшна, калаціла нават. Адпусціла, калі камбаджыйскі прэм’ер параўняўся са мной. А толькі праз паўгода ўжо сустракаў першага прэзідэнта. Прэзідэнтаў было так шмат, што нават па прозвішчах запомніў толькі адзінкі: Пуцін, Меркель, Аланд, Парашэнка. Астатніх не ўзгадаю.

«Пад бокам у прэзідэнтаў елі халодную тушонку»

— Ты сустракаў прэзідэнтаў на перамовах так званай «нармандскай чацвёркі» ў Мінску. За колькі вас папярэдзілі пра такі выезд?

— Туды паехала зводная рота ганаровай варты — гэта РГВ камендатуры, памежных войскаў і ўнутраных войскаў. Камендант атрымаў загад забяспечыць пэўную сустрэчу. Ён вырашыў, колькі трэба людзей, і выслаў тэлеграму даць пэўную колькасць салдат — з кожнай часткі. Дзесьці за тыдзень мы ведалі пра «нармандскую чацвёрку».

Я іх сустракаў у рэзідэнцыі. А 9 раніцы мы выехалі з часткі. Аб 11 зводная рота выехала з камендатуры. І мы сядзелі ў аўтобусах каля рэзідэнцыі. А 15 нас выставілі па пазіцыях. Я стаяў на ўваходзе, з вуліцы.

— Але першы прэзідэнт прыехаў нашмат пазней.

— Першым а 20.00 дзесьці пад'ехаў Пуцін.

— І ты ўвесь гэты час стаяў на вуліцы?

— Так. У нас прадугледжана замена. Але ад пачатку ўжо разлічвалі, што давядзецца да раніцы стаяць. Таму замену пакідалі напасля.

— А якой цябе змянілі?

— А 21.30.

— Памянялі вас. І што далей?

— Мы заставаліся ў будынку: былі ў асобным пакоі. Ужо мы былі на падмену.

Сядзелі. Выйсці і пахадзіць не маглі: дзверы па спецыяльных картках адмыкаюцца. Нехта драмаў, нехта на падлозе нават клаўся паспаць. Дазвалялі толькі часам у прыбіральню выйсці, калі ўнізе нікога не было з дэлегацый.

— Кармілі?

— Дазволілі схадзіць у аўтобус па сухпаёк. Гэта дзве бляшанкі кашы і адна тушонкі — на дзень на чалавека. Пагрэць іх не было дзе, даводзілася халоднымі есці. Але нам не дазволілі нават нож пранесці, каб іх адкрыць. Тупымі штыкамі (яны не навостраныя) калупалі бляшанкі. Перакусіць прыносілі толькі пячэнне і мінералку.

Але мяне ўжо каля 23-й зноў паставілі на ўваходзе: пабаяліся, што там былі салдаты без вопыту такіх сустрэч. З рэзідэнцыі выехалі мы толькі а 13-й гадзіне на наступны дзень. Увесь гэты час я стаяў на адным месцы.

— Нейкія бонусы за такія пакуты былі?

— Не. Асобных людзей, хто сустракаў дэлегацыі ў аэрапорце, узнагародзілі дыпломамі (яны таксама ноч там сядзелі). Нам — нічога, нават звальнення не далі.

— На тваю службу прыйшліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Вадзілі галасаваць?

— Так.

— Кандыдаты прыходзілі выступаць?

— Не, па ўлётках пазнаёмілі з імі. Там быў малады чалавек, мой аднагодак, і жанчына. Не памятаю, кім яны былі.

— У частцы казалі, за каго трэба галасаваць?

— Не, сказалі, каб мы проста самі зрабілі свой выбар. Я прагаласаваў супраць абаіх: я нічога не разумеў. А перамагла жанчына.

«Хай падымуць рукі, мы з тымі пагаворым»

— Ведаеш, што ва Украіне вайна пачалася за час тваёй службы? Вам расказвалі што-небудзь пра гэта?

— Расказвалі, праводзілі работу на палітзанятках. Казалі, што ёсць тыя, хто набірае людзей туды. Калі сярод вас ёсць ахвочыя паехаць, хай падымуць рукі, мы з тымі пагаворым.

— Нехта падняў рукі?

— Не.

— Не хацеў застацца кантрактнікам у РГВ?

— Прапаноўвалі, але я адмовіўся. Я хацеў бы, але па кантракце прыбралі пасаду «стралок». Гэта значыць, што я мог бы працягваць выязджаць на сустрэчы прэзідэнтаў. А цяпер бы проста ў нарады хадзіў, справамі часткі займаўся. Мяне гэта не цікавіць.

Источник: http://nn.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *


Ещё статьи из рубрики «»:
Ещё статьи из рубрики «Новости»:

Архив материалов

Июль 2017
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Июн    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Обсуждение