Ягор Лебядок аб прапановах Міністэрства абароны па павелічэнні колькасці прызыўнікоў

Мнение

На сайце Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь з’явіўся артыкул, у якім указваецца мэтазгоднасць для Беларусі змяшанай сістэмы камплектавання Узброеных Сіл, што на думку МА ў першую чаргу звязана з тым, што пераход на цалкам кантрактнае войска прывядзе да істотнага абмежавання магчымасцяў па падрыхтоўцы і назапашванні ваенна-навучанага рэзерву для забеспячэння патрэбы УС у ваенны час, паколькі асноўным спосабам падрыхтоўкі такога рэзерву з’яўляецца атрыманне грамадзянамі ваенна-ўліковай спецыяльнасці пад час тэрміновай ваеннай службы. Такі рэзерв сапраўды неабходны, паколькі малая кантрактная армія ва ўмовах абароннай дактрыны і нашых рэалій можа процідзейнічаць абмежаванаму кантынгенту праціўніка, што адносна скаваны ў манеўры і сродках (тэрарыстычныя арганізацыі, НУФ і да т.п. пры слабой іх падтрымцы з боку УС праціўніка).Наша армія ў апошнія гады ў асноўным і рыхтавалася для рашэння такіх задач (правядзенне КТА, барацьба з НУФ ды інш.).

Аднак, у апошнія 2-3 гады як у навуковай ваеннай перыёдыцы, так і ў рэальнай баявой падрыхтоўцы часцей і злучэнняў УС Расіі і ЗША ўсё больш увагі надаецца вядзенню буйнамаштабнай вайны. Каб Беларусі не быць «прахадным дваром», па меншай меры не цалкам, і патрэбны такі рэзерв – для камплектавання ў ваенны час падраздзяленняў ВС і сіл тэрытарыяльнай абароны. Больш за тое, такі рэзерв (у сэнсе падрыхтаваных ваенных кадраў), як паказаў досвед Украіны, важны і ў лакальных войнах у выпадку разброду і хістання ў прыняцці рашэнняў камандаваннем УС.На мой погляд, фарміраванне ваенных кадраў на выпадак маштабнай вайны ёсць неабходнасцю і важнай дзяржаўнай задачай. І ў цэлым намаганне МА прыняць захады для павелічэння прызыўнікоў падтрымліваю, але вось у метадах ёсць некаторыя разыходжанні.

Як было прыведзена вышэй, МА адзначае, што асноўным спосабам падрыхтоўкі рэзерву з’яўляецца атрыманне грамадзянамі ВУС пры праходжанні тэрміновай ваеннай службы. Вядома, што атрыманне ВУС малодшых камандзіраў і афіцэраў ажыццяўляецца таксама на ваенных кафедрах (факультэтах) ВНУ, і тут паўстае недарэчнасць: чалавек атрымлівае ВУС на пасадзе сяржанта ці афіцэра, а яго потым яшчэ прызываюць у войска, то бок на заяўленую падрыхтоўку спецыяліста для рэзерву дзяржава выдаткоўвае грошы двойчы – у ВНУ і ў арміі. Можна казаць, што іх прыцягваюць для навучання салдат, г.зн. для падрыхтоўкі таго ж рэзерву, але ў такім разе таксама праблема: настаўнікаў трэба браць заўсёды лепшых і прафесійных, кантрактнікаў, а значыць варта праводзіць конкурсы, павышаць іх грашовае забеспячэнне, вопыт і г.д., а не вырашаць праблему прызывам. Другая матывіроўка прызыву пасля атрыманай ВУС – гэта некамплект спецыялістаў. Можна зразумець, калі існуе недахоп спецыялістаў сапраўды вузкіх: малодшыя спецыялісты па інфармацыйна-псіхалагічным проціборстве, тэхнікі спецсувязі і да т.п. Але ж прызываюць у большасці сваёй па агульных спецыяльнасцях. У такім выпадку і трэба прама казаць пра некамплект УС, а не хаваць гэта пад эгідай неабходнасці фарміравання рэзерву. Камплектацыя арміі і фарміраванне рэзерву – усё ж такі не адно і тое ж, хоць перасякаюцца вядома, адпаведна і захады будуць адрознівацца.

Заяўлены клопат аб падрыхтоўцы рэзерву павінен быць паслядоўным, а не па прынцыпе «як зручней». То бок акрамя самога прызыву павінны быць палепшаныя мерапрыемствы па баявой падрыхтоўцы ў саміх УС (і іншых структурах навучання ВУС). Напрыклад, адным з мерапрыемстваў, што істотна пагаршаюць баявую падрыхтоўку салдат і адцягваюць афіцэраў ад выканання асноўных задач, з’яўляецца правядзенне ваеннага парада. За час падрыхтоўкі, а гэта ад 2 да 6 месяцаў, цэлыя падраздзяленні займаюцца толькі страявой падрыхтоўкай з мінімумам баявой, г.зн. ад чвэрці да паловы тэрміну службы сыходзіць проста на страявую падрыхтоўку. Парад у частцы падрыхтоўкі рэзерву ідзе на карысць толькі (механікам-) кіроўцам і тэхніцы. Дыскусію пра важнасць/дарэмнасць парада пакіну тут без разгляду.

Для павелічэння колькасці прызыўнікоў МА найбольш мэтазгодным лічыць шлях скарачэння колькасці адтэрміновак ад прызыву, і ў першую чаргу для працягу адукацыі. Па сваім досведзе магу сказаць, што паступіць у аспірантуру (магістратуру) і займацца даследчай працай пасля праходжання двухгадовай службы на афіцэрскай пасадзе або гадавой службы ў радавым саставе цалкам можна, пытанне толькі ў асабістым падыходзе да навучання ў ВНУ. Наогул кажучы, лічу аптымальным узростам салдата як раз 21-25 гадоў, цяперашнія 18 замала (перш за ўсё ў псіхалагічным плане і наступствах з улікам тых задач, якія трэба вырашаць салдатам у ваенны час). Іншая справа, што пераход у цяперашніх умовах на прызыў з 21 года вельмі праблематычны.

Прапануе МА і некаторыя дадатковыя санкцыі да тых, хто ўхіляецца ад ваеннай службы, напрыклад, абмежаванне прыёму на дзяржаўную службу грамадзян, якія не прайшлі ваенную службу (без законных падстаў). Такая прапанова відавочна ёсць запазычаннем з заканадаўства Расіі, дзе падобная прапанова вельмі цікава замацоўвалася ў законе і варта гэта разгледзець. Так, у 2013 годзе быў падпісаны федэральны закон «Аб унясенні змяненняў у асобныя заканадаўчыя акты Расійскай Федэрацыі ў частцы рэалізацыі мер па павышэнню прэстыжу і прывабнасці ваеннай службы па прызыву», згодна з якім чалавек не мог паступіць на дзяржаўную службу калі не прайшоў ваенную службу па прызыву, не маючы на тое законных падстаў, у адпаведнасці з заключэннем прызыўной камісіі, прычым пажыццёва.

Аднак, парламент Чачэнскай Рэспублікі звярнуўся ў Канстытуцыйны суд Расіі з патрабаваннем прызнаць прынятую норму неканстытуцыйнай, што ён і зрабіў у 2014 годзе, і ў выніку ўвялі дадатак аб тым, што не браць на дзяржслужбу грамадзян, якія ўхіліліся ад ваеннай службы, можна толькі на працягу 10 гадоў. Тут яшчэ варта нагадаць, што міністр абароны РФ С.К. Шайгу ў арміі наогул не служыў.

Але ў нашых умовах уводзіць такую норму (хоць яна і мае добры пасыл) лічу немэтазгодным. У нас няма таннага «падножнага корму», каб падтрымліваць «сацыялізм» у краіне доўга. Расійскія крэдыты і прэферэнцыі таксама не бязмежныя, больш за тое, ужо ідзе пошук грошай на рэфінансаванне расійскага ж доўгу. Г.зн. пераход да рынкавай эканомікі плаўна ці рэзка будзе ісці, а значыць на дзяржслужбе ўсё больш запатрабаваныя будуць не «лычкі», а сапраўдныя кампетэнцыі. Прасцей кажучы, важней будзе для краіны чалавек, які разбіраецца ў эканоміцы, хай і з прыватнага сектара і без праходжання службы ў войску, чым той, што фармальна адпавядае патрабаванням (гэта ўжо важна, але тое сфера палітычных дыскусій па-за рамкамі дадзенага артыкула).

Яшчэ адна «санкцыя» МА – часовае абмежаванне права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь у выпадку іх няяўкі на мерапрыемствы па прызыву. Трохі не вяжацца гэта з правам чалавека на свабоднае перамяшчэнне (напрыклад, у выпадку палітычнага пераследу ў краіне), але мера дзейсная, не паспрачаешся.

Міністэрства абароны сумесна з Міністэрствам аховы здароўя праводзіць работу ў мэтах выключыць суб’ектыўныя фактары пры правядзенні медагляду. Зніжэнне колькасці прызыўнікоў абумоўлена не толькі дэмаграфічнай «ямай», але і агульным станам здароўя. На жаль, здароўе моладзі вельмі сур’ёзна падае. Гэта не віна арміі, проста менавіта ў войску гэтая праблема выяўляецца, у цывільным жыцці яе мала калі заўважаюць і яна не мае відавочных наступстваў. Міністэрства абароны максімальна зацікаўлена ў тым, каб ва УС не быў прызваны ніводзін грамадзянін, стан здароўя якога не дазваляе праходзіць ваенную службу. Тут ёсць шэраг нюансаў. Па выніках медкамісіі шэрагу грамадзян выдаюць ваенны білет з запісам «нягодны да ваеннай службы ў мірны час, абмежавана годны да ваеннай службы ў ваенны час».

Паўстае пытаннечка: калі чалавек нягодны ў мірны час, нахалеру ён трэба ў ваенны? Ён нават страляць не ўмее, так у якасці гарматнага мяса яго выкарыстоўваць ці што? Вядома, ваенныя скажуць: не-не, ёсць жа задачы ў войску, якія можна выконваць у ваенны час і з абмежаваным здароўем. Так, так і ёсць, але тычыцца гэта не толькі ваеннага часу, але і мірнага. Увойску існуе цэлы шэраг задач, якія адцягваюць салдат ад баявой падрыхтоўкі: паркавы дзень у частцы даабсталявання і добраўпарадкавання паркаў і аб’ектаў вучэбнай матэрыяльнай базы, гаспадарчы дзень — для прывядзення ў парадак ваенных гарадкоў, агульнай уборкі ўсіх памяшканняў, адданне воінскіх ушанаванняў пры пахаванні ды інш. Вось для выканання такіх другарадных задач і мае сэнс прыцягваць прызыўнікоў з названымі вышэй абмежаваннямі па здароўі. Вядома, захворванне захворванню розніца. Але, чалавека могуць не прызваць, умоўна, напрыклад, таму як радзімка на шыі, плоскаступнёвасць і ў выпадку іншых захворванняў, з якімі людзі без праблем актыўна жывуць да глыбокай старасці. Дык чаму б іх не прыцягваць для выканання другарадных задач у мірны час? З плоскаступнёвасцю цалкам можна служыць, напрыклад, на ПТАРу (плюс атрымаюць спецыяльнасць, што трэба і ў цывільным жыцці), уборку можна рабіць і ў свабоднай вопратцы, і гэтак далей. Вядома, гэта патрабуе некаторых арганізацыйных мерапрыемстваў, а таксама індывідуальнага падыходу пры адборы, але ў пэўнай ступені рэзерв павысіць, хай і не па асноўных баявых спецыяльнасцях.

Варта адзначыць намаганні Міністэрства абароны па пашырэнні прывілеяў для грамадзян, якія адслужылі. Стымулы павінны быць не толькі ў выглядзе бізуна. З найбольш талковых я б вылучыў права на навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту на падрыхтоўчых аддзяленнях устаноў вышэйшай адукацыі, права на паступленне па-за конкурсам на завочную форму атрымання сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі I ступені, прадастаўленне гарантыі на прыём на працу да ранейшага наймальніку ў арганізацыі незалежна ад формы ўласнасці.

Але паўтаруся, важна не толькі павышаць колькасць прызыўнікоў, але і аб’ём і ўзровень баявой падрыхтоўкі ў арміі.У войску ёсць такая прымаўка: «нічым не заняты салдат – патэнцыйны парушальнік парадку і злачынец». Заняты ўвесь дзень баявой падрыхтоўкай салдат будзе мець менш часу на дзедаўшчыну і іншыя супрацьпраўныя дзеянні (у адрозненне ад агульнагаспадарчых работ, у якіх дзедаўшчына значна праяўляецца). Вядома, пры гэтым можна чакаць павелічэнне траўматызму і смерцяў, але гэта баявая падрыхтоўка – справа з істотнай ступенню рызыкі. У прэсе і бытавых размовах у выпадку смерці салдата ад парушэння мер бяспекі вінавацяць афіцэраў, маўляў, яны павінны былі сачыць і да т.п.

Так, ёсць выпадкі, калі парушэнне арганізацыі дзеянняў прыводзіла да смерці ці траўмы. Але, аналізуючы траўматызм і смяротныя выпадкі за перыяд сваёй службы і ў наступным, магу сказаць, што пераважная іх большасць абумоўлена не адсутнасцю навучання салдат мерам бяспекі або дрэннай арганізацыяй (вучэнняў, напрыклад), а асабістым грэбаваннем або халатным стаўленнем да мер бяспекі самімі салдатамі. Канешне, нават у такіх выпадках атрымліваюць пакаранне афіцэры, але праблему гэта не вырашыць. Адказнасць і нармальная логіка мыслення павінна выхоўвацца і фарміравацца не толькі і не столькі ва ўзброеных сілах, але і да прызыву, г.зн. бацькамі і ў школе. Спад узроўню адукацыі адбіваецца не толькі на эканоміцы, палітычным развіцці грамадства і г.д., але і на вайскоўцах. Нездарма ж кажуць: армія — гэта адлюстраванне грамадства. І праблемы арміі шмат у чым ёсць адлюстраваннем праблем грамадства.

Ягор Лебядок

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.