Абаронны бюджэт «ваюючай» Беларусі – хацелася б больш і смачней

Геополитика и безопасность

budgetУ апошні дзень мінулага 2013 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь № 95-З «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2014 год». І ўсё б нічога, але ж не. Асобныя аўтары так р’яна ўзяліся за яго аналіз, што здейснілі сваю даўнюю мару – змаглі абвінаваціць уладу ва ўсіх смяротных грахах. Дарэчы, «эксперт» Агенцтва гуманітарных тэхналогій Святлана Мацкевіч падыйшла да ацэнкі размеркавання рэспубліканскага бюджэту настолькі крытычна, што прыйшла да вываду – «беларускі бюджэт нагадвае бюджэт ваюючай краіны».

Трэба адзначыць, што параўнанне выдаткаў на абарону з выдаткамі на сацыялку і культуру – адносна новая хваля ў дзеянні рознага рода фондаў, дазваляючая дайсці ў асобных вывадах да абсурду і дыскрэдытаваць «каго трэба». Тэхналогію падвойных стандартаў яшчэ ніхто не адмяняў. Так, на прыканцы мінулага года была апублікавана  справаздача Міжнароднага цэнтра канверсіі (Бон), якая датычыцца даследавання глабальнага індэксу мілітарызацыі краін свету. Гэтыя эксперты параўноўваюць марнаванні на ваенныя мэты з іншымі сацыяльна-грамадскімі выдаткамі, напрыклад, на ахову здароўя і адукацыю. У адпаведным рэйтынгу Беларусь заняла 17 месца з 149 дзяржаў. Узначаліў спіс Ізраіль, за ім ідуць Сінгапур і Расія. Далей – Арменія,  Сірыя, КНДР, Азербайджан. Ёсць тут і Украіна – на дваццатай пазіцыі. І ніхто не здзіўляецца, чаму ў гэтым спісу ня бачна Саудаўскай Аравіі з яе марнаваннямі на абарону ў памеры  каля 9% ад валавога ўнутранага прадукта (ВУП), ці ЗША, займаючых першае месца ў свеце па абсалютных выдатках на абарону (633 млрд. $ альбо 4,4% ад ВУП).

Меркаванні С.Мацкевіч таксама вельмі простыя.

Выдаткі рэспубліканскага бюджэту Беларусі на бягучы год спланаваны ў памеры 128,6 трлн. рублёў. У спісу выдаткаў лідыруюць нацыянальная абарона (7,1 трлн.), забеспячэнне бяспекі (12,8 трлн., што на 2 трлн. больш, чым за мінулы год) і сацыяльная палітыка (9,8 трлн.).

На гэтай падставе аўтар робіць вывад, што «урад абраў прыярытэт на   фармаванне жорсткай абароназдольнасці». Па меркаванню Мацкевіч, гэта супярэчыць заявам пра сацыяльную дзяржаву. Паколькі выдаткі на нацыянальную абарону вышэй за сацыяльныя патрэбы, адукацыю, культуру і спорт, бюджэт хутчэй належыць не сацыяльнай дзяржаве, а ваюючай. Ня больш, ня меньш.

Але ж паспрабуем разабрацца ў гэтым.

Пра памер выдаткаў на сацыялку можна размаўляць доўга, і гэта тэма асобнай размовы. Але будзем зыходзіць з таго, што рашэнне ўлады аб скарачэнні спісаў розных ільготнікаў непапулярнае, аднак неабходнае. У свой час ільгот напладзілі столькі, што толькі гультаяваты імі не карыстаўся, таму адраснае аказанне сацыяльнай дапамогі – мера апраўданая, яна дазваляе разумна марнаваць дзяржаўныя сродкі. Трэба дадаць, што сродкі на сацыялку вылучаюцца таксама з мясцовых бюджэтаў, таму нельга адназначна гаварыць пра іх аб’емы, спачатку іх трэба падлічыць.

Зараз пра абаронны бюджэт.

Па-першае, Мацкевіч з сваей лёгкай рукі аднесла да гэтага тэрміна выдаткі ўстаноў усяго сілавога блока: і узброеных сіл, і органаў унутраных спраў, і дзяржаўнай бяспекі, і мытных органаў і ўсіх іншых. Такі падыход супярэчыць міравой практыцы. Большасць аўтараў пад «абаронным бюджэтам» разумеюць альбо выдаткі на абарону, альбо на ўтрыманне ўзброеных сіл. У беларускім законе артыкул завецца менавіта «Нацыянальная абарона» і ўключае выдаткі на абарону і Узброеныя сілы, на забеспячэнне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі, а таксама іншыя пытанні, якія маюць дачыненне да нацыянальнай абароны. Такім чынам, у сутнасці, С.Мацкевіч ажыццяўляе падмену паняццяў, каб узмацніць і падкрэсліць сваю думку пра бюджэт ваюючай краіны.

Па-другое, што датычыцца ўласна памераў лічб. Пры размове аб выдатках на абарону кажуць пра іх памеры адносна валавога ўнутранага прадукта. У Беларусі выдаткі на абарону на працягу апошніх пяці гадоў вагаюцца ў памеры ад 0,9% да 1,2% ад ВУП. Не з’яўляецца выключэннем і бягучы год. ВУП Беларусі за 2013 год, па дадзеным Нацыянальнага статыстычнага камітэту, складае 636,784 трлн. беларускіх рублёў. Калі мы суаднясем з ВУП памер выдаткаў на абарону на 2014 год (7,1 трлн. рублеў альбо 743 млн. $) атрымаем 1,12%. Аднак нават спланаваныя лічбы, укладзеныя ў бюджэт, не заўседы, нажаль, становяцца рэальнасцю для вайскоўцаў. Рэальна вылучаныя сродкі яшчэ менш – на узроўню 1%.

Многа гэта ці мала, пытанне рытарычнае.

Напрыклад, усеагульна вядомы стандарт NATO складае 2% ад ВУП. У сучасны момант пяць краін марнуюць на абарону больш за 1,75% ад ВУП і толькі чатыры краіны Альянсу прытрымліваюцца дадзенай мяжы. Сярод іх  ЗША, Вялікабрытанія, Грэцыя і Эстонія.

Нашы найбліжэйшыя суседзі марнуюць на абарону таксама (як і Беларусь) невялікія сродкі.

Літва ў 2013 годзе мела абаронны бюджэт у памеры 355 млн. $, у 2012 годзе – 334  млн. $, што складае 0,77 % ад ВУП. Імкнецца павялічыць яго да 2016 года да 1%.

Абаронныя выдаткі Латвіі за мінулы год склалі 301 млн. $. У 2014 годзе ў параўнанні з бягучым годам яны скароцяцца на 9,45 млн. $.

А вось бюджэт міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы ў мінулым годзе склаў 9,62 млрд. $. У адпаведнасці з законам пра тэхнічную мадэрнізацыю Войска Польскага, выдаткі на абарону павінны складаць не меней за 1,95% ад ВУП. Прычым 20 % ад гэтай сумы будуць накіроўвацца на патрэбы тэхнічнай мадэрнізацыі войска.

Але ж вернемся да беларускага абароннага бюджэту.

Ці можна яго назваць бюджэтам ваюючай дзяржавы? Ні ў якім разе.

Грашовыя сродкі, якія выдаткоўваюцца на абарону, накіроўваюцца на ўтрыманне ўсіх відаў і родаў войскаў, расходуюцца на аплату ўзбраення, боепрыпасаў, тэхнікі, гаруча-змазвальных матэрыялаў, харчавання, забеспячэння баявой падрыхтоўкі, на ўтрыманне ваенных навучальных устаноў і вайскоўцаў. Акрамя таго, з гэтых сродкаў фінансуюцца навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы, капітальнае будаўніцтва. Асобнае месца займаюць выдаткі на мадэрнізацыю.

У сучасны момант вылучаныя сродкі пакрываюць толькі цякучыя патрэбы па ўтрыманні войска, баявой падрыхтоўцы і часткова па мадэрнізацыі, а таксама некаторыя іншыя «дробязі». Нават неабходнае рэчавае забеспячэнне на сеняшні дзень фінансуецца толькі на 40%. Вось тут бы задаць пытанне мінфіну: «Ці не сорамна так мурыжыць сваіх абаронцаў?».

Вялізнай праблемай беларускага войска з’яўляецца старэнне зброі і тэхнікі, бо на яго замену запатрабуюцца вялікія сродкі. У выпадку іх выдаткоўвання беларускія вайскоўцы хлопалі б у ладкі, а сёння яны зайдросцяць сваім расійскім калегам падчас удзелу ў сумесных мерапрыемствах.

Пра вядзенне нейкіх ваенных дзеянняў з такімі сродкамі, як нас спрабуе пераканаць С.Мацкевіч, гаворачы пра бюджэт ваюючай дзяржавы (Беларусі), не можа быць і рэчы. Вайна – вельмі дарагое мерапрыемства. Дарэчы, у ЗША на вядзенне аперацый за межамі краіны сродкі вылучаюцца па асобным артыкуле і зацверджваюцца асобна. А ў бюджэце Беларусі такога артыкула навогул няма, такім чынам, абвінавачванне Беларусі ў залішняй мілітарызацыі проста недарэчнае і не адпавядае рэчаіснасці.

Абаронны бюджэт Беларусі невялікі, але дастатковы. Тыя, хто адслужыў і служыць, ведаюць рэальны ўзровень грашовага забеспячэння вайскоўцаў і тэхнічнага аснашчэння беларускага войска. Таму вывады экспертаў (як Мацкевіч) аб залішняй мілітарызацыі Беларусі вызываюць на іх тварах усмешку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.