Ягор Лебядок: як закрануць Беларусь змяненні ў стратэгію дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі Расіі

Аналитика

На мінулым тыдні В. Пуцін падпісаў указ аб унясенні змяненняў у стратэгію дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі Расійскай Федэрацыі на перыяд да 2025 года. Нягледзячы на тое, што стратэгія тычыцца нацыянальнай, а не знешняй палітыкі РФ, усё ж ёсць у ёй пункты, што закранаюць Беларусь як дзяржаву блізкага замежжа для Расіі.

Але спачатку цікава звярнуць увагу на новыя вызначэнні, якія падрыхтаваў Навуковы савет Расійскай акадэміі навук па комплексных праблемах этнічнасці і міжнацыянальных адносінах. Дык вось, уводзіцца такое вызначэнне, як расійская нацыя: «шматнацыянальны народ Расійскай Федэрацыі (расійская нацыя) – супольнасць свабодных раўнапраўных грамадзян Расійскай Федэрацыі рознай этнічнай, рэлігійнай, сацыяльнай і іншай прыналежнасці, якія валодаюць грамадзянскай самасвядомасцю». Зыходзячы з дадзенага вызначэння да расійскай нацыі не адносяцца ўсе грамадзяне Расіі, якія адбываюць крымінальнае пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, якія адбылі пакаранне але абмежаваныя ў правах у адпаведнасці з КК, грамадзяне якія трапілі ў палон і да т.п.

Гэта зыходзячы з прамога разумення вызначэння, дакладней свабоднага грамадзяніна і раўнапраўя. Больш цікавым вызначэнне з’яўляецца зыходзячы з паняцця свабоднага грамадзяніна і раўнапраўя, заснаванага на палітыка-прававых вучэннях, ці нават на дакументах ААН, а таксама на субʼектывізме разумення свабоды. Калі, напрыклад, парушаецца права пэўных грамадзян на сходы, то гэтыя грамадзяне не ў поўнай меры свабодныя і, такім чынам, яны не ёсць расійскай нацыяй. Калі прыхільнікі В. Пуціна лічаць, што ў Расіі грамадзяне свабодныя, то грамадзяне з апазіцыі да В. Пуціна не лічаць сябе свабоднымі ў Расіі.

Т.ч. на аснове субʼектыўнага разумення свабоды дадзенае вызначэнне атрымліваецца ідэальным для прапаганды: калі ты сябе пры ўладзе гэтай лічыш свабодным – ты належыш да расійскай нацыі і можаш гаварыць ад яе імя як прадстаўнік, калі лічыш што ў Расіі ты не свабодны, значыць ты не належыш да расійскай нацыі, г.зн. «либераст, проплаченный западом» і да т.п.

У вызначэнні грамадзянскай самасвядомасці адзначаецца, што гэта разам з іншым і прыхільнасць да базавых каштоўнасцяў расійскага грамадства. Тут мабыць спрабавалі зрабіць супрацьлегласць еўрапейскім і заходнім каштоўнасцям, але і для ўнутранага спажывання не вельмі добрая фармулёўка: для рускага народа як «сістэмаўтваральнага звяна расійскай дзяржавы» ўласцівая манагамія, для мусульманаў дапушчальная палігамія, г.зн. мусульмане РФ таксама быццам як выпадаюць з расійскай нацыі пры заяўленым раўнапраўі рэлігій. Карацей, такое вызначэнне — гэта хутчэй літаратурная дэкларацыя ці нейкая мэта на будучыню, чым прававая дэфініцыя.

Ёсць цікавы пункт, які тычыцца анексіі Крыму: «13-2 Значнай падзеяй для ўмацавання агульнарасійскай грамадзянскай ідэнтычнасці стала прыняцце ў Расійскую Федэрацыю Рэспублікі Крым… Выкліканы гэтым патрыятычны ўздым спрыяў… зніжэнню рызык і пагроз узнікнення ў краіне міжнацыянальных канфліктаў». І гэта праўда, якая адлюстроўвае адзін з палітычных матываў анексіі (можа не самы важны, але і не апошні). Да 2014 года ў Расіі набіраў абароты рускі нацызм і нацыяналізм, што выяўляўся акрамя шавінізму ў нянавісці да каўказцаў Расіі (пачынаючы з беспарадкаў на Манежнай плошчы 2010 г.), у тыражаванні на форумах і размовах уяўлення пра Чачню як пра нахлебнікаў: «яны забівалі нашых рускіх, а цяпер мы ім яшчэ плацім». Дзеянні ў Крыме гэты ўнутрырасійскі негатыў, які мог перарасці ў сурʼёзную ўнутрыпалітычную пагрозу, сапраўды звялі на нішто і чачэнцы, напрыклад, сталі «салдатамі Расіі».

Звернемся да тых аспектаў, што могуць закрануць Беларусь. Здавалася б «нацыянальная палітыка» павінна закранаць унутраныя справы, але не. Да асноўных напрамкаў дзяржнацпалітыкі РФ адносіцца і «павелічэнне колькасці расійскіх культурных цэнтраў, папулярызацыя расійскай культуры ў блізкім і далёкім замежжы, стварэнне цэнтраў вывучэння рускай мовы ў замежных дзяржавах». Наўрад ці варта чакаць павелічэння такіх цэнтраў у краінах Паўночнай Еўропы і Украіне, таму з блізкага замежжа Беларусь – асноўная дзяржава, у якой да таго ж стварыць такія цэнтры прасцей за ўсё. Мабыць варта чакаць рост мерапрыемстваў Рассупрацоўніцтва ў Беларусі ў наступныя гады. Дадам яшчэ, што згодна стратэгіі нацыянальнай бяспекі Расійскай Федэрацыі» пагрозамі нацыянальнай бяспецы ў галіне культуры зʼяўляюцца зніжэнне ролі рускай мовы ў свеце, якасці яе выкладання за мяжой.

У сферы развіцця міжнароднага супрацоўніцтва да асноўных напрамкаў дзяржнацпалітыкі адносіцца і наступнае:
— садзейнічанне кансалідацыі дзейнасці арганізацый суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, у мэтах больш эфектыўнага забеспячэння сваіх правоў у дзяржавах пражывання, захаванню сувязяў з гістарычнай Расіяй;
— выкарыстанне механізмаў прыгранічнага супрацоўніцтва… для стварэння ўмоў для свабоднага міжнароднага культурнага і гуманітарнага супрацоўніцтва;
— рэалізацыя мер, накіраваных на супрацьдзеянне любым праявам… нацыяналізму…
— выкарыстанне рэсурсу грамадскай дыпламатыі пры дапамозе ўключэння інстытутаў грамадзянскай супольнасці ў вырашэнне задач міжнароднага культурнага і гуманітарнага супрацоўніцтва;
— узаемадзеянне з міжнароднымі і няўрадавымі арганізацыямі ў мэтах забеспячэння правоў і абароны інтарэсаў нацыянальныя меншасцяў.

Г.зн. варта чакаць павелічэння як бы беларускіх сайтаў, НДА, «палітолагаў», артыкулаў і да т.п., звязаных з процідзеяннем беларускаму «нацыяналізму» і прасоўваннем інтарэсаў Расіі ў Беларусі, паколькі пад выкананне стратэгіі будуць закладзены дадатковыя фінансавыя сродкі.

https://www.facebook.com

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.